ТЭКТАНІ́ЧНЫ РАЗРЫ́Ў, разлом тэктанічны, разрыўное парушэнне, дыз’юнктыў,

парушэнне суцэльнасці горных парод пры тэктанічных рухах і дэфармацыях. Бываюць са зрушэннем горных парод і без зрушэння.

Падзяляюцца на конседыментацыйныя (фарміруюцца адначасова з асадканамнажэннем) і постседыментацыйныя. Ва ўмовах гарыз. расцяжэння з Т.р. зрушэння ўтвараюцца пераважна зрухі, скіды (у т. л. лістрычныя), рассовы, грабены; гарыз. сціскання — зрухі, насовы, тэктанічныя покрывы, ускіды. Да Т.р. таксама адносяць тэктанічную трэшчынаватасць, кліваж (густая сістэма паралельных трэшчын у дэфармаваных пародах, якія сякуць слаістасць або згодны з ёй), тэктанічную сланцаватасць, разлінзаванне і будзінаж (падзел крохкага слоя на лінзы і блокі ў выніку расцяжэння), трэшчыны складкавых дэфармацый і інш. Тэктанічныя трэшчыны без зрушэння могуць ўтвараць зоны разушчыльнення. Тэктанічныя разломы бываюць звышглыбокія (больш за 300 км, мантыйныя), глыбокія (100—300 км, карамантыйныя) і коравыя (да 100 км). Амплітуды перамяшчэння горных парод па Т.р. ад першых сантыметраў і метраў да некалькіх кіламетраў па вертыкалі і да дзесяткаў і соцень кіламетраў па гарызанталі. Найб. працяглыя глыбінныя разломы ўтвараюць т.зв. планетарную сістэму разрываў. Поласці Т.р. запоўнены раздробленай, рассланцаванай, часам перацёртай да гліны горнай пародай, могуць служыць шляхамі пранікнення магмы, гідратэрмальных раствораў.

На Беларусі вылучаюць Т.р. даплатформавыя (разрываюць толькі пароды крышт. фундамента) і платформавыя (скіды, ускіды, скіда-зрухі, могуць пранікаць у платформавы чахол пераважна да каменнавугальных адкладаў, некат. да кайназойскіх адкладаў уключна). Найб. густая сетка платформавых разломаў развіта ў Прыпяцкім прагіне.

Літ.:

Разломы Белоруссии и Прибалтики. Мн., 1974;

Тектоника Припятского прогиба. Мн., 1979.

А.​М.​Каўхута, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 16, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)